2021 г. — 135 гадоў з часу будаўніцтва царквы святой вялікапакутніцы Параскевы Пятніцы ў в. Мікалаева (Камянецкі р-н; 1886), помніка архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю
Свята-Параскевінская царква ў вёсцы Мікалаева Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці была пабудавана ў канцы XIX ст. на сродкі прыхаджан. Пабудавана царква з дрэва на паўночнай ускраіне вёскі на месцы больш старажытнай царквы 1802 г. Першае ўпамінанне аб царкве адносіцца да 1886 г. Да сярэдзіны XX ст. гэта была Свята-Мікалаеўская царква, прыпісная да Камянецкай Свята-Сімяонаўскай царквы, і лічылася Вялікаельнінскай, па ранейшай назве мясцовасці.
25 студзеня 2021 г. — 10 гадоў з дня адкрыцця музея «Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў» (Пружанскі р-н; 2011), дзяржаўнай установы культуры
Канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега ў 1598 г. стаў уладальнікам мястэчка Ружаны (цяпер гарадскі пасёлак Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці), пабудаваў тут замак. У ХVІІ ст. замак магнацкага роду Сапегаў стаў цэнтрам палітычнага і культурнага жыцця ВКЛ. У час вайны са шведамі ў 1696–1699 гг. замак быў разбураны і спалены. У другой палове ХVІІІ ст. пры Аляксандру Сапегу на гэтым месцы па праекце архітэктара Яна Самуэля Бекера пабудавалі палацавы комплекс.
2020 г. — 505 гадоў з часу першага ўпамінання в. Ляхавічы (Іванаўскі раён) у пісьмовых крыніцах (1515)
Вёска Ляхавічы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў пісьмовых крыніцах згадваецца ў 1515 г. Па адной з версій назва вёскі паходзіць ад слова «ляхі» — так на Беларусі называлі палякаў. Побач з вёскай знаходзіцца выток невялікай рэчкі Струга, прытока ракі Піна.
2020 г. — 260 гадоў з часу пабудовы Свята-Мікалаеўскай царквы ў в. Мурыны Малыя (1760; Камянецкі р-н), помніка архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю
Радасцкая Свята-Мікалаеўская царква пры вёсцы Мурыны Малыя Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці пабудавана ў 1760 г. Паводле гістарычных звестак, першы храм на гэтым месцы быў узведзены ў 1536 г., у 1639 г. царкве была ахвяравана зямля.
2020 г. — 300 гадоў з часу пабудовы Прачысценскай царквы ў в. Дубянец (Столінскі р-н; 1720), помніка Усходнепалескай школы дойлідства
У вёсцы Дубянец Пінскага павета ВКЛ (цяпер Столінскага раёна Брэсцкай вобласці) у 1717–1720 гг. на сродкі пінскага краўчага Івана Колб-Сялецкага пабудавана царква. Паводле некаторых звестак першая царква ў Дубянцы магла быць у ХVI ст. Новая царква асвечана ў гонар Раства Прасвятой Багародзіцы. Лічыцца, што Прачыстая Багародзіца клапоціцца аб земляробстве, сям’і, асабліва апякуецца аб маці. Прастольнае свята адзначаецца 21 верасня.
1 мая 2020 г. — 60 гадоў з дня стварэння ў Камянецкай вежы аддзела Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея (Камянец; 1960)
Камянецкая вежа — унікальны помнік старажытнага дойлідства сусветнага значэння, узор ваенна-інжынернага мастацтва канца XIII ст. Гісторыя вежы цесна звязана з Камянцом, які ўзнік як горад-крэпасць на паўночных межах Уладзіміра-Валынскага княства ў 1276 г.
2020 г. — 555 гадоў з часу першага пісьмовага ўпамінання Петрапаўлаўскай царквы г. Кобрына (1465)
Петрапаўлаўская царква — праваслаўны храм у гонар святых апосталаў Пятра і Паўла ў г. Кобрыне Брэсцкай вобласці. Дакладныя звесткі аб часе пабудовы гэтага храма адсутнічаюць. Зрэшты, першае дакументальнае згадванне пра царкву адносіцца да 1465 г., калі кобрынская князёўна Ульяна Сямёнаўна падаравала «зямлю з людзьмі» храму, які ўжо тады існаваў.
2019 г. — 170 гадоў з часу пабудавання капліцы ў в. Закозель (Драгічынскі р-н; 1849), помніка архітэктуры стылю неаготыкі
Аграгарадок Закозель Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці вядомы сваімі знакамітымі уладальнікамі з роду Ажэшкаў, якія атрымалі тут землі ў XVIII ст. Род Ажэшкаў быў вядомы ў розныя перыяды гісторыі Беларусі — яго прадстаўнікі займалі важныя дзяржаўныя пасады. Адна з прадстаўніц роду — Эліза Ажэшка (1841–1910), польская пісьменніца, грамадскі дзеяч. Яна выйшла замуж за памешчыка Пятра Ажэшку і пасялілася ў маёнтку Людвінава, што за 10 км ад Закозеля, часта бывала ў Закозелі. У час паўстання 1863–1864 гг. з’яўлялася сувязной атрадаў генерала Р. Траўгута. Пасля падаўлення паўстання маёнтак быў канфіскаваны, Пётр Ажэшка высланы, Эліза Ажэшка вярнулася на радзіму.
2019 г. — 150 гадоў з часу пабудовы Свята-Крыжаўзвіжанскай царквы ў г. Высокае (1869; Камянецкі р-н), помніка архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю
Свята-Крыжаўзвіжанская царква размешчана ў цэнтры горада Высокае Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Першы камень у падмурак царквы быў закладзены 2 жніўня 1868 г., на свята прарока Іллі. Архітэктурны праект храма падрыхтаваў акадэмік В. І. Чагін, праект зацвердзілі ў 1864 г. Падрадчыкам будаўніцтва з’яўляўся мешчанін Чарнігаўскай губерні Г. А. Назараў. Пабудавалі храм на сродкі прыхаджан даволі хутка. 27 верасня 1869 г. царква была асвячона ў свята Узвіжання Пачэснага і Жыватворнага Крыжа Гасподняга.
2019 г. — 120 гадоў з часу пабудовы Свята-Узнясенскай царквы ў в. Вельямовічы (Брэсцкі р-н; 1899), помніка архітэктуры руска-візантыйскага стылю
У сярэдзіне ХІХ ст. Свята-Сімяонаўскі драўляны храм у в. Вельямовічы Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці), які быў пабудаваны як уніяцкі ў 1631 г. (па іншых звестках у 1650–1660 гг.), з цягам часу спарахнеў, працягваць богаслужэнні было немагчыма. Па хадайніцтве брэсцкага епіскапа Ігнація (Жалязоўскага) пачалося будаўніцтва мураванага храма.